Беларуская Служба

Палякі адзначаюць Дзень нацыянальнага сцяга (ВІДЭА)

02.05.2024 13:01
Выбар 2 траўня на Дзень нацыянальнага сцяга невыпадковы, падкрэсліваюць эксперты.
Аўдыё
  • Дзень сцяга Рэспублікі Польшча
Дзень нацыянальнага сцяга ў Польшчы PAP/Radek Pietruszka

2 траўня палякі адзначаюць Дзень сцяга Рэспублікі Польшча – гэта адно з самых маладых дзяржаўных святаў, якое было ўстаноўленае ў 2004 годзе. У гэты дзень грамадзяне Польшчы ўспамінаюць гісторыю польскіх нацыянальных колераў, сімвалаў і патрыятычных традыцый. Свята таксама закліканае нагадаць палякам аб абавязку шанаваць сцяг і іншых нацыянальныя сімвалы.

Польскія нацыянальныя колеры – адны з нямногіх у свеце, якія маюць геральдычнае паходжанне. Да іх адносіцца спецыяльны закон, прыняты Сеймам Каралеўства Польскага 7 лютага 1831 года, нагадаў старшыня Польскага вексілалагічнага таварыства Кшыштаф Ясеньскі(Krzysztof Jasieński):

- Паводле 1 артыкула згаданага закона, нацыянальнымі колерамі ўстаноўленыя колеры гербаў Каралеўства Польскага і ВКЛ, то бок белы і чырвоны. Герб Каралеўства Польскага – гэта белы арол на чырвоным фоне, а герб ВКЛ – гэта Пагоня, то бок белы вершнік з мячом і шчытом на чырвоным фоне.

Белы колер сімвалізаваў дабрыню, лагоднасць, сяброўства, дабрабыт і чысціню памкненняў польскага народа, а чырвоны – годнасць, барацьбу за суверэнітэт і незалежнасць, нагадвае Кшыштаф Ясеньскі:

- Польскі нацыянальны сцяг быў устаноўлены законам з 1 жніўня 1919 года, пасля вяртання Польшчай незалежнасці. Тады было вырашана, што нацыянальны сцяг будзе складацца з дзвюх гарызантальных палос. Уверсе белай, унізе – чырвонай. Абедзве аднолькавай шырыні.

Белы колер апынуўся ўверсе, таму што ў польскай геральдыцы колер герба важнейшы за колер фону. Гэта адлюстроўваецца таксама ў мове. Кажам, што польскі сцяг бела-чырвоны. Аднак, калі колеры вісяць вертыкальна, белы размяшчаецца з левага боку, калі глядзець спераду. У катыльёнах белы павінен быць унутры, а чырвоны – звонку. Зараз адценні гэтых колераў вызначае адмысловы Закон ад 31 студзеня 1980 года аб гербе, колерах і гімне Рэспублікі Польшча і аб дзяржаўных пячацях.

Аднак, як адзначаюць эксперты, цягам гісторыі польскага сцяга колер чырвоны крыху мяняўся. У першым апісанні сцяга з 1921 года гаворка ішла пра малінавы колер (праўда, з адценнем, крыху святлейшым за сучасны), але з 1927 года, больш за пяцьдзясят гадоў, абавязваў кінавар, гэта значыць чырвоны з аранжавым адценнем.

Польскі дзяржаўны сцяг бывае двух тыпаў. Першы – гэта бела-чырвоны прастакутнік. Другі – гэта сцяг з гербам Рэспублікі Польшча на белай паласе. Згодна з дзеючым заканадаўствам, сцягі з эмблемай могуць выкарыстоўваць толькі афіцыйныя прадстаўніцтвы краіны за мяжой, грамадзянскія аэрапорты і самалёты, партовыя ўлады, а таксама польскія марскія судны.

Дзяржаўныя колеры адрозніваюцца ад дзяржаўнага сцяга Польшчы тым, што не маюць канкрэтных прапорцый, то бок яны могуць быць любой даўжыні і шырыні. Аднак трэба памятаць, што шырыня абедзвюх палос павінна быць роўнай.

Дзень нацыянальнага сцяга быў устаноўлены па прыкладзе іншых краін, у тым ліку ЗША, дзе свята ўпершыню было ўстаноўлена ў памяць аб прыняцці першага амерыканскага сцяга ў 1777 годзе.
Выбар 2 траўня, як даты святкавання польскага нацыянальнага сцяга меў дзве прычыны. Адна, гістарычная, звязана з тым, што 2 траўня 1945 года ў Берліне на Рэйхстагу і на калоне Перамогі быў вывешаны польскі сцяг. Другая – гэта тое, што ўлады ПНР адмянілі свята 3 траўня і загадалі грамадзянам, неадкладна пасля 1 траўня, знімаць сцягі, нагадвае гісторык Лех Кжыжаноўскі(Lech Krzyżanowski):

- 1 траўня сцяг павінен быў лунаць на будынку – гэта падвяргалася адміністрацыйна-палітычным насіцкам. Па тых жа прычынах, 3 траўня ён вісець ужо не мог. Таму вельмі добра, што зараз 2 траўня з’яўляецца днём, у які мы можам афіцыйна ўшанаваць нацыянальны сцяг.

Дзяржаўны сцяг заслугоўвае павагі. Пры публічнай дэманстрацыі ён павінен быць чысты; не можа быць пацёрты, нагадвае прэс-сакратар Бюро «Незалежная» Віялета Лабуда(Wioletta Łabuda):

- Ён павінен быць чысты, адпрасаваны; не можа быць парваны – гэта асноўныя прынцыпы, пра якія трэба памятаць. Сцяг ніколі не павінен дакранацца да падлогі і вады. Яго трэба змяшчаць высока, на адмысловай драўлянай палцы або мачце. Тады можна сказаць, што мы годна і пашанай павесілі сцяг.

Польскага сцяга нельга таксама выкарыстоўваць, каб аддаць пашану каму-небудзь – ён не схіляецца перад іншым сцягам або знакам. Акрамя таго, на дзяржаўным сцягу нельга размяшчаць ніякіх надпісаў або малюнкаў, дадае Віялета Лабуда:

- Сапраўды, напрыклад, заўзятары, якія хочуць падкрэсліць горад з якога прыехалі, часта змяшчаюць на польскім сцягу розныя надпісы або знакі. Нагадваю, на польскім сцягу нельга змяшчаць ніякіх рэкламных надпісаў – пра гэта вырашае адпаведны закон ад 2004 года.

Згодна з Канстытуцыяй, нацыянальныя колеры падлягаюць прававой ахове. Публічная абраза, пашкоджанне або выдаленне сцяга ці герба пагражае пакараннем штрафам, абмежаваннем волі або пазбаўленнем волі.

Сёння кожны паляк можа легальна вывешваць дзяржаўны сцяг не толькі з нагоды дзяржаўных святаў, але і на прыватных мерапрыемствах. Пры гэтым неабходна выканаць адну ўмову – да сцяга трэба ставіцца з належным гонарам і павагай.

IAR/аз

Сёння ў Польшчы - Дзень нацыянальнага сцяга

02.05.2024 10:27
Колеры нацыянальнага сцяга былі зацверджаныя парламентам Польскага Царства ў 1831 годзе падчас паўстання, якое пачалося ў лістападзе.