Беларуская Служба

Еўрапейскі пікнік у Варшаве. Палякі святкуюць 20-годдзе далучэння да ЕС (ФОТА)

02.05.2024 14:50
"Палякі паказалі, што гэта самы вялікі поспех нашага народу".
Аўдыё
  • Еўрапейскі пікнік у Варшаве. Палякі святкуюць 20-годдзе далучэння да ЕС (ФОТА)
Кракаўскае прадмесце PAP/Radek Pietruszka

1 траўня ў Варшаве каторы год запар праходзіць Еўрапейскі фестываль. Сёлета дзень быў адмысловым, паколькі палякі святкуюць 20-годдзе далучэння да ЕС.

Кракаўскае прадмесце ў Варшаве адыгрывала ролю культурніцкай і забаўляльнай пляцоўкі, на якой адбываліся мастацкія выступы, знаёмствы з вулічнымі тэатрамі, з зонай здароўя, намётавым гарадком сталічнага метро, еўрапейскай пляцоўкай.


Выступ тэнараў на балконе гатэлю "Брыстоль" Выступ тэнараў на балконе гатэлю "Брыстоль"

Культурніцкая праграма сёлетняга фестывалю была вельмі багатая, кажа намесніца дырэктара “Сталічнай эстрады” Анна Вайтковяк:

-На сённяшнім фестывалі на Кракаўскім прадмесці мы хацелі запрасіць да знаёмства з музыкай і культурай розных еўрапейскіх краін. Каб паказаць разнастайнасць гэтай культуры, супольнасць, каб праз музыку паспрабаваць зразумець іншыя культуры. Гэта, здаецца, найлепшы спосаб, каб зразумець адзін аднаго. На нашай сцэне выступаюць артысты французскай музыкі, нямецкай, італьянскай, іспанскай, грэчаскай, а таксама польскай. Праграма – вельмі разнастайная. А на вядомым балконе гатэлю “Брыстоль”, на якім спяваў Ян Кяпура, спяваюць тры маладыя польскія тэноры: Адам Валясэк, Якуб Павлік і Матэвуш Тамашэўскі, а таксама наша спявачка сапрана з Вялікага тэатру ў Лодзі Оля Цлапінська-Баркевіч. Мастацкая праграма – вельмі багатая.

У еўрапейскай зоне з дапамогай гульняў і заняткаў самыя маленькія ўдзельнікі і моладзь маглі бліжэй пазнаёміцца ​​з Еўрапейскім Саюзам. Свае намёты там мелі Польскі фонд імя Роберта Шумана, Еўрапейская камісія, фонд Герэмэка, валанцёры Еўрапейскага корпуса салідарнасці і Міністэрства фінансаў і рэгіянальнай палітыкі. У гэтых намётах адмыслоўцы тлумачылі, чаму далучэнне да ЕС стала для Польшчы поспехам.


. .

Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчынска-Налэнч тлумачыла маладому пакаленню, якое нарадзілася ў Польшчы-члене ЕС, што далучэнне для супольнасці дае краіне:

-Уявім сабе, што мы страцілі розум і ўцякаем з ЕС. Што будзе адбывацца? Мы едзем у іншую краіну, уключаем тэлефон, а там няма роўмінгу. Вядома, што ўсе прызвычаіліся мець інтэрнэт паўсюль. Невядома, ці мы будзем у стане перамяшчацца без візы, а ўжо напэўна нам патрэбны будзе пашпарт. Цэны таго, што мы імпартуем і экспартуем, імгненна пайшлі б уверх, паколькі мы знаходзімся ў супольным рынку. Мы можам купляць і прадаваць розныя тавары без дадатковых аплатаў, якія ўзнікаюць на гэтым шляху. Гэтыя тавары таннейшыя, мы можам больш прадаць, а Польшча гэта робіць выдатна. Польшча шмат больш у ЕС прадае, чым купляе. Напрыклад, цацка з ЕС для нас таннейшая, паколькі мы ў адзіным рынку. Акрамя таго, мы з ЕС атрымалі вельмі шмат грошай, дзякуючы таму ў нас ёсць новыя дарогі, масты, будынкі, ачышчальныя збудаванні. У Польшчы гэтага столькі, што я нават да вечара не здолела б усё пералічыць. Так адбылося, паколькі мы члены ЕС, і мы ўмеем быць яе членам. Палякі паказалі, што гэта самы вялікі поспех нашага народу. Мы чалецтва ў ЕС выкарысталі найлепш з усіх краін рэгіёну. Ніхто больш ажно так выдатна не здолеў выкарыстаць гэтую магчымасць. Мы здолелі, а сёння святкуем наш поспех.


Намёт фонду Развіццё сістэмы адукацыі Намёт фонду Развіццё сістэмы адукацыі

Намеснік генеральнага дырэктара фонду Развіцця сістэмы адукацыі Томаш Гжэсняк гаворыць, што ў галіне адукацыі Еўрасаюз Польшчы даў вельмі шмат, і надалей дае. Флагманскім адукацыйным праектам ЕС з’яўляецца праграма “Erasmus”. Гэта праграма, якая падтрымлівае развіццё адукацыі на еўрапейскім узроўні ў сярэдніх школах, ВНУ, а таксама праекты для старэйшых людзей:

- На гэтую мэту ЕС штогод дае Польшчы некалькі сотняй мільёнаў злотых. Дзякуючы праграме школьныя ці акадэмічныя настаўнікі могуць паехаць за мяжу ў партнёрскія адукацыйныя пляцоўкі, абменьвацца досведам. Гэта таксама вучаніцкі і студэнцкі абмен. Акрамя абмену досведам яны знаёмяцца з аднагодкамі. Найбольш папулярнымі напрамкамі з’яўляюцца – Іспанія, Італіі, Германія. Да нас часцей за ўсё прыязджаюць партугальцы. Паказальнікам развіцця польскай адукацыя няхай будзе тое, што калі мы далучыліся да праграмы “Erasmus”, то мы хацелі ехаць за мяжу, але да нас ніхто прыязджаць не хацеў. Гэты каэфіцыент быў 10:1. На працягу 20 гадоў гэты паказьнік выраўняўся. Столькі ж з Польшчы выязджае, і столькі ж прыязджае да нас.


Упаўнаважаны ўраду па справах будовы Цэнтральнага камунікацыйнага порту Мацей Лясэк Упаўнаважаны ўраду па справах будовы Цэнтральнага камунікацыйнага порту Мацей Лясэк

Каласальныя змены дасягнуты і ў галіне авіяцыйнага руху. Расказвае ўпаўнаважаны ўраду па справах будовы Цэнтральнага камунікацыйнага порту Мацей Лясэк:

-20 гадоў у ЕС – гэта не толькі надзвычайнае развіццё нашай краіны ва ўсіх сферах, але таксама і ў сферы авіяцыйнага руху. Мы далучыліся да еўрапейскай авіясям’і. У нас адзіныя стандарты, якія апрацоўвае Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі. У многіх элементах мы з’яўляемся лідарамі, калі казаць пра авіяцыю. Мы развілі сетку аэрапортаў, каб палякі маглі выгодна падарожнічаць, у тым ліку з рэгіянальных аэрапортаў. Гэта 20 гадоў, якія немагчыма не дацаніць.


У намёце Еўрапейскага парламенту дзякуючы энергіі, вырабленай на ровары, выціскалі сок з апельсінаў У намёце Еўрапейскага парламенту дзякуючы энергіі, вырабленай на ровары, выціскалі сок з апельсінаў

Прэс-аташэ Бюро Еўрапарламенту ў Польшчы Барташ Арабскі гаворыць, што пазітыўны ўплыў ЕС найбольш бачны ў развіцці інфраструктуры, адкрыцці рынку працы, росце працоўных месцаў у цэлай краіне, павышэнні стандартаў медычнай апекі і аховы навакольнага асяроддзя:

-Апошнія апытанні “Еўрабарометру” паказалі, што 80% палякаў падтрымліваюць энтузіязм з нагоды далучэння да ЕС. 80% на фоне цэлага Еўрасаюзу - гэта цалкам шмат. Мы ў лідарах, займаем 8 месца ў рэйтынгу 27 краін. Людзі, якія лічаць, што далучэнне да ЕС нічога Польшчы не дало, у значнай меншасці. Маладыя людзі, магчыма, не памятаюць моманту далучэння, але яны вельмі добра разумеюць, што ЕС нам дае. Большасць ведаў яны чэрпаюць са школы, але не толькі. Нашае Бюро клапоціцца аб тым, каб адукаваць грамадзян, каб гэтае разуменне сярод палякаў расло.

Еўрапейскі пікнік у Варшаве сабраў натоўпы людзей, ад малых да людзей у старэйшым узросце.

ав

слухайце аўдыё

 

Артыстычная праграма на сцэне на Кракаўскім прадмесці Артыстычная праграма на сцэне на Кракаўскім прадмесці